Чаму правільна называць палац Пацёмкіна-Галынскіх
Архітэктурнай перлінай Крычава, якая штогод прываблівае турыстаў,
з’яўляецца палац Пацёмкіна-Галынскіх. Палац – помнік архітэктуры
XVIII ст., у якім сёння размяшчаецца Крычаўскі гістарычны музей. Ён быў
рэканструяваны і адкрыты ў 2008 годзе і з гэтага часу туды пераехаў музей з
фондасховішчам. Палац Пацёмкіна-Галынскіх гэта не проста вядомае месца,
а адметная славутасць горада, нават пэўны яго брэнд. На сённяшні дзень
палац з’яўляецца культурным цэнтрам горада, што спалучае функцыі
маёнтка Пацёмкіна і Галынскіх як архітэктурнага помніка і краязнаўчага
музея. Аднак называюць архітэктурную славутасць Крычава палацам
Пацёмкіна, зусім не згадваючы прозвішча Галынскіх. На шыльдзе, якая
змешчана на сённяшнім палацы-музеі і пазначае назву аб’екта, напісана
“ПАЛАЦ ПАЦЁМКІНА”. У рэчаіснасці ж архітэктурны помнік мусіць
называцца палац Пацёмкіна-Галынскіх. У абгрунтаванне менавіта такога
наймення прывяду некалькі фактаў, якія тлумачаць неабходнасць змены
назвы.
Палац быў пабудаваны выдатным рускім архітэктарам І. Старовым у
архітэктурным стыле класіцызму і належаў князю Рыгору Пацёмкіну ў
перыяд з 1778-1787 гг. Натуральна, што гэта пабудова з садова-паркавым
комплексам сталася рэзідэнцыяй расійскаму князю на далучаных землях
пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Праз няпоўны дзясятак год
валодання архітэктурна-паркавым ансамблем Пацёмкін прадае свае
крычаўскія ўладанні Яну Галынскаму. Роду Галынскіх палац са стайнямі,
паркам і садам належылі да 1917 г., г.зн. знаходзіліся ў іх ўладанні ажно
паўтара стагоддзя. Больш за тое, сённяшні палац захаваўся ў пераробленым
выглядзе. У 1840-х гг. абнавіў сваю рэзідэнцыю Стэфан Галынскі. Помнік
архітэктуры хоць і захаваў шмат рысаў класіцызму, аднак зазнаў уплыў
псеўдагатычнага стылю, які быў модным у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Дарэчы,
змены знешняга выгляду палаца здзяйсняў архітэктар швейцарскага
паходжання Бернар Сімон.
Варта заўважыць, што сам граф Рыгор Пацёмкін у гісторыі горада
адыграў спрэчную ролю. Менавіта ён адразу пасля падаравання яму
крычаўскіх зямель Кацярынай ІІ у 1776 годзе адмяніў магдэбурскае права
горада – права на самакіраванне. Гараджане ажно 18 гадоў вялі судовыя
разбіральніцтвы з Пацёмкіным, але так нічога і не дабіліся. Такім чынам,
Крычаў згубіў статус горада, а гараджане ледзь не ператварыліся ў
прыгонных сялян. Фаварыт імператрыцы Кацярыны ІІ Пацёмкін для
засялення ўлюбёнай ім Херсоншчыны вывез з Крычаўскага староства каля 2000 душ.
Усяго ж насельніцтва Крычаўскага памесця налічвала 14 тысяч
душ мужчынскага полу.
Разам з тым нельга не адзначыць і станоўчыя фактары, якія паспрыялі
эканамічнаму развіццю горада (шырэй Крычаўскага староства). Менавіта
пры Пацёмкіне Крычаўшчына стала адной з асноўных базаў па забеспячэнні
Чарнаморскага флоту. Крычаўская суднаверф была ўведзена ў эксплуатацыю
ў 1785 годзе і стала адным з буйных цэнтраў суднабудавання ва ўсёй
Расійскай імперыі. Караблі (яхты, галеры, байдакі і інш.) з Крычаўскай
суднаверфі сплаўляліся па Сажы і Дняпры да Чорнага мора. Акрамя таго,
пры Пацёмкіне ў горадзе былі пабудаваныя канатная, парусная і люстраная
мануфактуры. Гэтаксама пачаў дзейнічаць буйны вінакурны (каньячны)
завод, з’явіўся цэлы комплекс аранжарэй. У Крычаве працавалі два
гарбарныя, два шклярныя, медналіцейны заводы, цагельня, здабывалася і
перапрацоўвалася балотная і жалезная руда.
Такім чынам, прыведзеныя факты паказваюць, што род Галынскіх (як,
дарэчы, і заснавальнік архітэктурнай славутасці Пацёмкін) варты таго, каб
адрэстаўраваны і дзеючы палац насіў прозвішча шляхецкага роду. Заўважу,
што асобы роду Галынскіх найбольш шчыльна звязаны з гісторыяй горада,
бо Крычаў быў для іх малой радзімай, да і набытая сядзіба сталася радавым
памесцем. Што не скажаш пра князя Рыгора Пацёмкіна, у якога рэзідэнцый
па ўсёй Расійскай імперыі было шмат, а Крычаў асабліва нічога не значыў
для яго. Тым не менш палац гэта спадчына горада, якая дасталася як ад
расійскага князя Рыгора Пацёмкіна, так і ад мясцовага шляхецкага роду
Галынскіх. І менавіта такая асаблівасць архітэктурнага помніка праяўляецца
ў эклектычным стылі палаца, а менавіта спалучэнні класіцызму і неаготыкі.
Тарцы бакавых крылаў палаца вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах,
завершаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны аздоблены сандрыкамі:
лучковымі на першым паверсе і трохвугольнымі на другім паверсе. З
асноўнага аб’ёму будынка ў бок двара выступае акруглы эркер і наогул палац
пабудаваны ў выглядзе манаграмы з літар "П" і "Е", што адзначалася вышэй.
Пры гэтым фасадная частка будынка моцна змянілася менавіта пры
Галынскіх і мае рысы псеўдаготыкі: цэнтр вылучаны рэзалітам,
раскрапаваным гранёнымі пілонамі, кутнія пілоны завершаны зубцамі і
нагадваюць вежы, вокны стрэльчатай формы, што надае палацу строгасць і
манументальнасць.