Старая выява палаца і сучасны фотаздымак


У прадстаўленым на шырокую публіку выданні змяшчаюцца некалькі цікавых
фатаграфій палаца Пацёмкіна. Аднак найбольшую ўвагу прыцягвае панарамная
выява пачатку ХХ стагоддзя, якая адлюстроўвае местачковае жыццё Крычава.
Перад гледачом на фота паўстае зімовы краявід: замеценая снегам дарога, жыхары,
апранутыя ў цёплае зімовае адзенне. Прычым некаторыя людзі на выяве дастаткова
добра праглядаюцца, так што можна нават паразважаць, у якое верхняе зімовае
адзенне апрануты жанчыны, якія стаяць утрох. На выяве можна вызначыць таксама
дзве пары (мужчыны з жанчынамі), праўда, у пэўнай адлегласці. Бачны гэтаксама
сані, запрэжаныя канём, што знаходзяцца з правага боку дарогі каля драўлянай
агароджы. На заднім фоне можна ўбачыць непасрэдна будынак палаца ў акружэнні
дрэваў, што, магчыма, сведчыць пра захаванне ўсяго архітэктурна-паркавага
комплексу яшчэ пры валоданні памесцем Уладзіславам Галынскім. Па дарозе
бліжэй да палаца таксама бачны людзі, але вельмі неразборліва. Недалёка ад
палаца знаходзіліся дамы простых жыхароў Крычава з характэрнай верандай
замест простага ганку. Варта адзначыць, што па левы бок фотаздымка знаходзіцца
драўляная хата з двухскатным дахам, а побач дом, большы ў памерах, з
чатырохскатным дахам.

стары здымак
Крычаў, вуліца Шашэйная. На выяве бачны будынак палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Пачатак ХХ стагоддзя.

Узімку 2016 года аўтарам гэтага тэкста быў зроблены фотаздымак прыблізна з
таго самага месца, што і невядомым фатографам у пачатку ХХ стагоддзя. Здалося,
што для вывучэння старога фотаматэрыяла было б добра зрабіць падобны яму,
толькі ўжо ў сучаснасці. Супастаўленне старога фота і новага з’яўляецца
магчымасцю параўнаць выгляд вуліцы і агульнага краявіда ў цэлым. Ракурс
сучаснага фотаздымка выбраны, пэўна, не самы ўдалы, але ж атрымалася засняць
сучасны транспарт, які можна параўнаць адпаведна са старымі санямі, што
знаходзяцца на фотаздымку пачатку ХХ стагоддзя. І нават людзі, што трапілі ў
аб’ектыў камер у абодвух фота, апрануты ў адпаведнасці з эпохай.

сучасны здымак
Здымак участка вуліцы Леніна (былой Шашэйнай). У далечыне праглядаецца палац XVIII ст. Фота 2016 г.

Параўноўваючы фота рознага часу, разумееш, што цэнтральная дарога
трансфармавалася нязначна. На фатаграфіях у далечыні знаходзіцца перліна
дарэвалюцыйнага і сучаснага горада — палац, што шмат год належаў Галынскім, у
якім сёння знаходзіцца мясцовы музей. Падобны на фотаздымках рознага часу
нават паварот дарогі да палаца, праўда, парослыя дрэвы па адзін бок дарогі ў
сучасным Крычаве перашкаджаюць яго ўбачыць. Тым не менш палац праглядаецца
з-за жоўтага колеру, у які пафарбаваны архітэктурны помнік. Цікава, што побач з
палацам да сённяшняга часу знаходзяцца драўляныя дамы. Натуральна, што тых
дамоў, якія бачны на фота пачатку ХХ стагоддзя, ужо няма. Аднак традыцыі
будавання падобных жылых аб’ектаў захоўваліся яшчэ доўга. Цяпер у горадзе
нямала дамоў з двухскатным дахам, з характэрнай для драўлянай архітэктуры
Крычава верандай з невялічкім дахам. Ёсць і на розных вуліцах дамы з
чатырохскатным дахам, якія нагадваюць прасторныя квадратныя пабудовы.
Дарэчы, на новым фота побач з драўлянай пабудовай бачны таксама дом з белай
цэглы, што з’яўляецца выключна сучасным будаўнічым павевам.

Як было адзначана вышэй, вуліца кардынальна не змянілася, прычым не
толькі асобныя яе ўчасткі (напрыклад, у раёне палаца), а ўся цалкам. Сёння палац
Пацёмкіна-Галынскіх знаходзіцца на вуліцы Леніна, а стагоддзе таму
ўрбаністычнае найменне было іншым. Адзначу, што цэнтральная вуліца цягнецца
ледзь не праз увесь горад, даходзячы да раёна чыгуначнага вакзала. Пры гэтым яна
змяняе сваю назву на розных участках, якія праходзяць праз розныя раёны горада:
Леніна-Камсамольская-Шчорса. У дарэвалюцыйны час Крычаў быў значна меншы
па колькасці жыхароў і па памерах, адсюль і цэнтральная вуліца была значна
карацейшая і мела назву Шашэйная. Дарэчы, на старым фота гэта назва і
зафіксавана.

Эксперымент з параўнаннем старой выявы і сучаснага здымка можна лічыць
адносна паспяховым. Ён паказвае, што змены аднаго ўчастка цэнтральнай вуліцы
былі мінімальныя. Аднак гэту выснову можна маштабіраваць на ўсю цэнтральную
вуліцу і наогул структуру многіх вуліц старой часткі горада. Нездарма даследчыкі
адзначаюць, што Крычаў захаваў старую планіроўку, якая сфарміравалася яшчэ ў
часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Пагэтаму на сёння практычна
аўтэнтычны выгляд мае старая частка Крычава пад назвай “горад” — старое ядро
25-тысячнага паселішча. Такім чынам, старыя фотаздымкі з’яўляюцца карыснай
крыніцай ў вывучэнні лакальнай гісторыі. А параўнанне двух выяў рознага часу
дазваляе фіксаваць і канстатаваць нават дробныя змены гарадскога асяродку,
помніка ці нават асобна ўзятага ўчастка вуліцы. Такі падыход дастаткова добра і
гарманічна ўпісваецца ў краязнаўчыя вышуканні і часам прыносіць цікавыя і
нечаканыя высновы.