Віртуальная экскурсія
Характарыстыка экскурсійнага маршрута “Крычаў – скрозь прызму часу”
Мэта: распрацоўка экскурсійнага маршрута культурна-асветнай накіраванасці па гістарычных аб’ектах і славутасцях Крычава для пашырэння кругагляда, актуалізацыі гарадской гісторыі і фарміравання лакальнага патрыятызму (любові да малой радзімы).
Задачы:
- Пазнаёміць экскурсантаў з гісторыяй узнікнення помнікаў архітэктуры і археалогіі, прыроднымі асаблівасцямі старой часткі Крычава, распавесці пра паходжанне гістарычных аб’ектаў і спеціфіку планіровачнай структуры вуліц горада;
- Выклікаць зацікаўленасць да вывучэння гісторыі роднага горада, пазнаёміўшы людзей з малавядомымі і невядомымі фактамі мінуўшчыны Крычава;
- Захаваць памяць аб помніках і частцы забудовы горада ў галовах жыхароў Крычава, якія не захаваліся і знікла ў віхуры часу, выхоўваючы беражлівае стаўленне да гістарычнай і культурнай спадчыны;
- Папулярызаваць старую фатарафію наогул і выявы даваеннага і дарэвалюцыйнага часу Крычава ў прыватнасці.
Асноўная мэтавая аўдыторыя: людзі практычны ўсіх узростаў (акрамя дзяцей да 8 год). Экскурсійнае мерапрыемства падыходзіць для людзей розных узростаў, бо праходзіць у адкрытай форме, дзе пашпацыраваць і паслухаць пра гісторыю роднага горада, пазнаёміўшыся з аб’ектамі гісторыі і архітэктуры, можа люды жадаючы. Колькасць удзельнікаў (экскурсантаў) не абмежавана.
Від экскурсіі: пешаходны, роварны
Элементы навізны: першы экскурсійны маршрут па Крычаву, які пабудаваны згодна старым фотавыявам горада (часовы прамежак – пачатак ХХ стагоддзя - 1941 год).
Тэарэтычная і практычная значнасць: адукацыйны экскурсійны маршрут з выкарыстаннем кнігі-альбома са старымі фотаздымкамі, якія параўноўваюцца з сучасным выглядам гістарычных мясцінаў, можа стаць добрым грунтам для актуалізацыі мясцовай гісторыі, спрыяння развіццю мясцовага краязнаўства, а таксама гонару за сваю малую радзіму (г.зн. лакальны патрыятызм).
Разработка маршрута. Пры распрацоўцы маршрута выканана асноўная задача – былі адабраны помнікі архітэктуры, культавыя будынкі, вуліцы і гістарычныя мясціны, якія выяўлены на старых фотаздымках. Пачатак экскурсійнага маршрута быў абраны з гарадзішча Гарадзец (першае паселішча на тэрыторыі сучаснага Крычава) і рэчкі Крычаўкі, што спрыяе найбольш глыбокаму асвятленню мінуўшчыны горада і закранае розныя гістарычныя перыяды развіцця старадаўняга паселішча. Падобны падыход дазваляе захоўваць элемент навізны пры вывучэнні гісторыі Крычава і мясцін з ёй звязаных, а разнастайных розных аб’ектаў і тэмаў забяспечвае правільнае чаргаванне ўражанняў экскурсантаў.
Пры складанні маршрута было лагічна прадумана паказваць гістарычныя мясціны і помнікі архітэктуры ў пэўнай паслядоўнасці. Натуральным чынам улічвалася размяшчэнне аб’ектаў і мясцін, наяўнасць пляцовак для паказа. Пры складанні маршрута таксама было ўлічана, што экскурсія павінна праходзіць па зручных месцах, пазбягаючы паўторных пераходаў/пераезадаў аднаго і таго ж участка маршрута, а таксама магчымасць спынення групы экскурсантаў каля кожнага гістарычнага аб’екта ці мясціны. Для адабраных гістарычных аб’ектаў і мясцін адпаведна была знойдзена інфармацыя аб пачатку іх пабудовы і бытаванні ў часе, удакладнены адрасы помнікаў, іх стану на дадзены момант і зменаў у пабудове і знешнім выглядзе.
Маршрут: гарадзішча “Гарадзец” – рэчка Крычаўка – плошча Леніна – Свята-Уваскрасенская царква – Крычаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (колішняя Двухскласная царкоўна-прыходская школа) – Крычаўскі раённы ваенны камісарыят (колішні касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі) – плябанія – рэшткі маста праз Сож – вуліца Шашэйская (сённяшнія вуліцы Камсамольская і Леніна) – рэшткі былога рамеснага вучылішча (каля дзіцячага парка) – палац Пацёмкіна-Галынскіх.
Працягласць падарожжа – 3,5-3,8 км
Час экскурсіі-шпацыру па горадзе: 2-2,5 гадзіны (роварная), 3-3,5 - пешаходная
Карта-схема экскурсійнага маршрута
Тэкст экскурсіі
Гісторыя любога горада ўнікальна і непаўторна. І кожнаму, як патрыёту і грамадзяніну, неабходна ведаць гісторыю свайго роднага горада. Крычаў, як і іншыя гарады Рэспублікі Беларусь, прыгожы па-свайму. Яго някідкая, на першы погляд прыгажосць, прываблівае і зачароўвае. Больш за тое, горад з помнікамі сівой старыны чароўны сваёй прыродай. Наогул Крычаўшчына – зямля, з шматвекавой гісторыяй, той рэгіён дзе павявае багатай мінуўшчынай. Экскурсія “Крычаў – скрозь прызму часу” закранае розныя мясціны старога Крычава, якія ўключаюць не толькі культавыя пабудовы і аб’екты архітэктуры, але і адно з шэрагу паселішчаў жалезнага веку на Пасожжы – гарадзішча Гарадзец. Падчас экскурсіі адбываецца таксама знаёмства з гарадскімі краявідамі і непаўторнай прыродай і ланшафтам Крычава. З дапамогай выдання фотаздымкаў можна не толькі пазнаёміцца з асаблівасцямі паселішча на пачатку ХХ стагоддзя, але і ўбачыць сучасны выгляд вуліц старога горада, зразумець наколькі яны захаваліся ці трансфармаваліся.
Першы пісьмовы ўспамін пра Крычаў змяшчаецца ў статуце смаленскага князя Расціслава Мсціславіча і датуецца 1136 годам. У старадаўнім дакуменце Крычаў згадваецца пад найменнем “Кречут”. Размешчаны на ўсходзе Беларусі горад з даўніх часоў быў памежным, які знаходзіўся на мяжы Вялікага княства Літоўскага (пазней Рэчы Паспалітай) і Маскоўскай дзяржавы. Першапачаткова паселішча было на Гарадцы, аднак пазней дзядзінец перайшоў на новае месца (Замкавая гара), якое і сталася на доўгі час умацаваным цэнтрам горада.
Гарадзішча Гарадзец на сёння займае высокі мыс (вышыня пляцоўкі над берагам рэчкі дасягае 18 м) на левым беразе рэчкі Крычаўкі, прыкладна ў 0,5 км ад месца яго ўпадзення ў Сож. Пляцоўка гарадзішча значна нахілена з поўначы на поўдзень (перапад вышынь дасягае 2,5 м) i ў меншай ступені з ўсхода на захад. Акрамя таго пляцоўка помніка пашкоджана шматлікімі скарбашукальнымі ямамі.
У паўночна-ўсходняй частцы гарадзішча захаваўся фрагмент абарончага вала вышынёю да 1,5 м. 3 паўночна-заходняга боку помнік адрэзаны ад прылягаючага плато ровам шырынёй 16 м, які першапачаткова меў глыбіню каля 1,5 м. Гарадзішча пачало засяляцца яшчэ ў жалезным веку, а аналіз археалагічных матэрыялаў з ніжняга стратыграфічнага слоя дазваляе зрабіць выснову, што Гарадзец ужо быў заселены ў III стст. да н. э. Першым насельніцтвам Гарадца былі прадстаўнікі днепра-дзвінскай археалагічнай культуры, якія знаходзіліся пад значным уплывам юхнаўскіх плямёнаў, што прасочваецца як па домабудаўнічай традыцыі, так i ў традыцыях вырабу керамікі. Пасля на гарадзішчы жылі прадстаўнікі Банцараўскай (Тушамлінскай культуры). Асноўная маса керамічнага матэрыялу, якая адносіцца да гэтай культуры датуюцца II—III стст. н. э., а індывідуальныя знаходкі таксама не выходзяць за межы V ст. н. э. Такім чынам, археалагічныя даследаванні паказалі, што паселішча на Гарадцы існавала з III ст. да н. э. да IV ст. н. э. Потым у жыцці на Гарадцы назіраецца перапынак.
Новае засяленне Гарадца адбываецца ў канцы XI ст., а паселішча працягвае iснаваць да мяжы XIII —XIV стст. Як мяркуе гісторык-археолаг Андрэй Мяцельскі ў IX—X стст. на Гарадцы iснавала свяцілішча, бо ў стратыграфічным слоі гэтага часу сустракаюцца толькі асобныя нешматлікія фрагменты ляпной керамікі, падпраўленай на ганчарным коле. Асноўная маса матэрыялу верхняга стратыграфічнага гарызонта адносіцца да XІ—XIII стст. Сярод знаходак кераміка, шкляныя бранзалеты, пацеркі, наканечнікі стрэл, нажы, суліцы, пінцэт і інш. Наверсе абарончага вала ў гэты перыяд стаяў вастракол. На поўнач ад гарадзішча ў X—XIII ст. знаходзілася селішча (плошча каля 1 га), на якім знойдзена кераміка гэтага часу, шкляныя бранзалеты. Менавіта комплекс з гарадзішча і селішча XІ—XIIІ ст. складалі аснову першапачатковага «Кречюта», які згадваецца ў Статуце Расціслава Мсціславіча (1136). У другой палове XII ст. паселішча пачало перамяшчацца на бераг Сожа і жыццё спынілася тут на пачатку XIV ст. Важна адзначыць, што ў XVII—пачатку XX ст. каля Гарадца знаходзілася Успенская царква, а каля яе былі могілкі, якія і займалі старадаўняе гарадзішча.
Паселішча Гарадзец у раннім сярэднявеччы знаходзілася ў міжрэччы рэк Асцёр і Сож. Жыхары паселішча маглі кантраляваць пуць з гэтых рэк у Дняпро. Акрамя таго, на поўдзень ад Гарадца прыток Сожа рэчка Лабжанка ў раёне пасёлка Ціманава Клімавіцкага раёна адкрывала выхад ў басейн Бесядзі, што дазваляла выйсці ў глыбінныя раёны пражывання радзімічаў. Гарадзішча Гарадзец было адным з нешматлікіх умацаваных паселішчаў у сярэднім Пасожжы і выконвала функцыю адміністрацыйнага цэнтра сельскай акругі, якая тады фарміравалася.
Важна адзначыць таксама, што падчас павольнага росту тэрыторыі горада і яго насельніцтва паступова з’яўляецца паняцце (у XVIIІ стагоддзі) Загарадзішча – адзін з раёнаў старога Крычава. Гэта народнае найменне азначала тыя заселеныя мясціны, якія знаходзіліся за рэчкай Крычаўкай і старадаўнім Гарадцом — раён сучасных вуліц Камсамольская, Каінава. Такім чынам, сённяшняя частка Крычава пад народнай назвай “Маскоўская” з’яўляўся яшчэ напачатку ХХ стагоддзя Загарадзішчам і адпаведна самым канцом горада. Адметна, што частка сённяшняй шашы Масква—Варшава, якая пралягае па тэрыторыі горада, колісь фактычна з’яўлялася мяжой, далей за якую не сяліліся.
Наступным пунктам экскурсійнага маршрута з’яўляецца рэчка Крычаўка. На сённяшні дзень яна ўяўляе з сябе невялічкі ручай, які пачынаецца ў вёсцы Залесавічы і ўпадае ў раку Сож. Працягласць Крычаўкі складае каля паці з паловай кіламетраў, а шырыня воднай артэрыі ад 0,8 да 1,5 метра. Працякае рачулка па рову, у большай частцы зарасла хмызняком, аднак берагі рэчкі перыядычна ачышчаюцца.
У месцы перакрыжаванні з шашой Масква-Варшава рэчка ўзята ў бетоннае кальцо. Упадае Крычаўка ў Сож у раёне вуліцы Падгорнай сучаснага Крычава. Праз рэчку маецца мост, дзе яе перасякае гарадская шаша. Уздоўж Крычаўкі размешчаны наступныя аб’екты і часткі сучаснага горада: раён старога горада пад назвай “Ганчароўка”, частка найбуйнейшага мікрараёна ў Крычаве – “праспект Камсамольскі”, кацельня Крычаўскага ЖКГ (жыллёва-камунальная гаспадарка), карпусы завода па вытворчасці цэментна-стружачных пліт, а таксама некаторыя зачыненыя пабудовы былога Крычаўскага мясакамбіната, якія ніяк не выкарыстоўваюцца. Дарэчы, упершыню рэчка Крычаўка ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах ХVI ст. Прычым у пісьмовых крыніцах ХVIІІ ст. нароўні з найменнем рэчкі Крычаўка пачынае з’яўляцца новая назва – ручай Крычавец.
Малапрыкметная ў цяперашні час рачулка колісь іграла вялікую ролю ў горадабудаўнічых працэсах Крычава. Так у ХVIII стагоддзі асноўная частка горада размяшчалася паміж рэчкай Крычаўкай і Забялышанскім ярам. Менавіта на плане Крычава 1778 г. выразна бачна, што менавіта гэтая гідраграфічная сетка з яе крутымі элементамі ландшафту - глыбокімі ярамі - і была гораўтваральным фактарам, у межах якога ішло фармаванне і развіццё сярэднявечнага горада. Згодна з гэтым планам, асноўны аб'ём горада размяшчаўся якраз паміж рэчкай Крычаўкай і Забялышанскім ярам.Толькі некаторыя раёны горада таго часу пераходзілі гэтыя прыродныя межы. З усходняга боку прыроднай мяжой горада служыла р. Сож. Такім чынам, воды Сожа і Крычаўкі фактычна вызначалі тэрыторыю горада з усхода і поўначы.
У пачатку ХХ стагоддзя Крычаў уяўляў з сябе мястэчка, дзе пражывала 6,2 тысяч жыхароў (згодна перапісу 1897 г.). Паводле вынікаў згаданага перапісу ў мястэчку было 972 двары, дзейнічалі 7 цэркваў, касцёл і 5 сінагог, працавалі 2 народныя вучылішча, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазін, 125 крамаў, 5 заезных двароў, штогод праводзілася 4 кірмашы. Пасля ўсіх ваенных ліхалеццяў і прыходу савецкай улады ў горадзе насельніцтва Крычава паменшылася і ў 1926 годзе складала крыху болей за пяць з паловай тысяч чалавек, а гэта складала амаль 2,4 тысячы двароў.
Каштоўным і цікавым з’яўляецца здымак першамайскай дэманстрацыі 1927 года, на якім можна ўбачыць выгляд сённяшняй плошчы Леніна, дзе замест помніка бальшавіцкаму дзеячу і прылеглай тэрыторыі да яго знаходзіліся жылыя дамы, а на супраць іх лакалізавалася праваслаўная царква Св. Параскевы Пятніцы. Свята-Уваскрасенская царква (раней царква Св. Параскевы Пятніцы) з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX ст. у Крычаве. Знаходзіцца ў цэнтры старога горада, на гістарычным Рынку. Пабудавана ў першай палове 19 ст. з цэглы. Храм прастаяў да 1930-х гадоў, калі быў зачынены, а праз пэўны час у будынку царквы адкрыты Дом сацыялістычнай культуры. У 1950-х гг. царква перабудавана пад кінатэатр, які праіснаваў да канца 1980-х гг., калі быў закінуты і знаходзіўся ў аварыйным стане. У самым пачатку 1990-х храм перададены вернікам, а яго адналеннем заняўся айцец Міхаіл Макаўцоў. Аднак на панарамным фотаздымку пачатку ХХ стагоддзя мы можам ўбачыць перашапачатковы выгляд царквы, яе архітэктурныя формы і памеры. На сённяшні дзень царква размешчана на адной з цэнтральных плошчаў старога горада насупраць помніка Леніну. Асаблівасць помніка ў тым, што бальшавіцкі правадыр выяўлены так, нібы ідзе наперад. Пагэтаму ў мясцовых жыхароў з гэтай нагоды нарадзіўся жарт: “Ленін ідзе ў царкву”.
Побач з праваслаўнай царквой знаходзілася двухкласная царкоўна-прыходская школа, выяву якой можна ўбачыць на фотаздымку пачатку ХХ стагоддзя. Прычым варта адзначыць размяшчэнне гэтай школы, што знаходзілася праз дарогу ад будынка царквы Св. Параскевы Пятніцы. Між іншым школа выглядала як двухпавярховы драўляны будынак. Вядома, што ў 1880 годзе ў Крычаве дзейнічала 5 царкоўнапрыходскіх школ, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду і знаходзіліся ў распараджэнні царкоўных прыходаў (дадзеная – у распараджэнні царквы Св. Спаса). Гэтая школа з’яўлялася аднакласнай. Такім чынам навучанне там вялося напрацягу 2 гадоў. Выкладаліся: чытанне, пісьмо, пачатковыя звесткі па арыфметыцы, Закон Божы і царкоўныя спевы. У пачатку ХХ ст. тэрмін навучання павялічыўся да 3 гадоў. Сёння на месцы царкоўна-прыходскай школы знаходзіцца будынак Крычаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Прычым сённяшні будынак раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нечым нагадвае (архітэктурным стылем і фасадам) колішнюю двухкласную царкоўна-прыходскую школу.
Класічнай сітуацыяй для беларускіх гарадоў са шматканфесійным насельніцтвам з’яўляецца размяшчэнне побач праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла. Не выключэннем быў і Крычаў, у якім у 1855-60 (па іншай інфармацыі 1874) гг. быў пабудаваны новы каменны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Стварыў гэты архітэктурны цуд у стылі нэаготыкі таленавіты італьянскі архітэктар. Дзякуючы яго майстэрству, касцёл зрабіўся найпрыгажэйшай пабудовай у горадзе. Знутры касцёл упрыгожвалі насценныя роспісы і ўнікальная драўляная скульптура Езуса.
Архітэктура будынку была вырашана ў стылі неаготыкі. Двухвежавы франтальны фасад па цэнтры быў вылучаны трохпралётнай гатычнай аркай на 4 гранёных слупах, аб'яднанай агульным кілепадобным франтонам у завершы. Фасады і чатырохгранныя ярусы вежаў рытмічна чляніліся гатычнымі стральчатымі ваконнымі праёмамі. Перспектыўным стральчатым парталам быў вырашаны галоўны ўваход у храм. Над імі размяшчалася круглае вакно-ружа. Гатычны характар будынка ўзмацняла афармленне вежаў вуглавымі гранёнымі пілонамі з востравугольнымі вімпергамі: паміж імі аркатурныя нішы са стрэльчатымі броўкамі.
Унутраная прастора касцёла падзялялася магутнымі слупамі і аркадамі на тры нефы. Пяцігранную абсіду запаўняў двухярусны алтар, вырашаны ў формах барока — 4 калоны неслі магутны крапаваны хвалісты антаблемент, паміж калоннамі стаялі скульптуры святых Пятра і Паўла; другі ярус — прамавугольны шчыт з выгнутым карнізам.
Пасля ўсталявання савецкай улады ў храме размясцілі кінатэатр, а пазней самадзейны драматычны тэатр. Лічыцца, што касцёл быў узарваны ў 1934 годзе.
На сённяшні момант на месцы касцёла знаходзіцца будынак раённага ваенкамата. Ад касцёла застаўся толькі адзін слуп агароджы. Важна адзначыць, што ў памяць аб касцёлы на будынку ваенкамата зрабілі схематычную выяву неагатычнай культавай пабудовы. Некалькі фотаздымкаў касцёла (вонкавага выгляду і ўнутранага ўбрання) 1910-х гг. адлюстроўвае выгляд культавай пабудовы, якая не захавалася да сённяшняга часу. Фотавыявы напоўніцу паказваюць шматлікія асаблівасці касцёла як архітэктурнай перліны даваеннага Крычава.
Іншы лёс напаткаў плябанію, якая непасрэдным чынам звязана з касцёлам і з’яўлялася часткай культавага архітэктурнага комплекса. Пасля разбурэння каталіцкага храма ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудаваць. Менавіта на старым фотаздымку 1927 года рынкавай плошчы Крычава плябанія бачна як аднапавярховы будынак з высокім дахам. Аднак пасля перабудавання яна стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. Унікальны здымак нямецкага жаўнера (жнівень 1941 г.) часу акупацыі Крычава войскамі Трэццяга Рэйха ілюструе нам ужо перабудаваную плябанію, якая пры немцах выконвала функцыю сталовай. Менавіта ў пасляваенны час да двухпавярховага будынка былой плябаніі з тыльнага боку была прыроблена прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты. Былая плябанія стаяла закінутая з 1990-х гг. Будынак часткова быў адрамантаваны ў 2010-х гг. і выкарыстоўваўся як інтэрнат для часовых рабочых, што працавалі на будоўле новага цэментнага завода ля Крычава. У цяперашні час у былым будынку плябаніі адчыніў свае дзверы адукацыйны цэнтр “Sunshine”.
Спускаючыся ўніз ад царкоўна-прыходскай школы (сёння Крычаўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі) да Сожа, трапляем у прыватны квартал, дзе пераважаюць драўляныя дамы (нярэдка трапляюцца і цагляныя будынкі, у тым ліку пачатку ХХ ст.), то можам пабачыць месца, дзе раней знаходзіўся драўляны мост, якога зараз не існуе. Адзін з фотаздымкаў пачатку ХХ ст. якраз ілюструе мост праз раку Сож. Гэты фотаздымак даволі лёгка можна знайсці ў інтэрнет-прасторы, прычым у добрай якасці. Аднак няшмат хто з жыхароў горада зможа паказаць гэта месца сёння. Драўляны мост, што выяўлены на фотаздымку згарэў у час акупацыі Крычава нямецка-фашысцкімі войскамі і не быў адноўлены ў пасля вайны. Даволі моцна змяніўся той раён і вуліца каля Сожа, якая ў ранейшы час, відаць, была больш густанаселеная. На сённяшні дзень ад маста засталіся толькі рэшткі драўляных сваяў, а таксама насыпы паабапал Сожа, на якіх у свой час мацаваўся мост. Прычым мост быў часткай т.зв. Кацярынінскага шляху – дарога па якой у XVIII ст. ехала расійская імператрыца Кацярына ІІ.
Здымкі пачатку ХХ стагоддзя ілюструюць нам выгляд адной з цэнтральных вуліц горада, якая мела назву Шашэйная. Натуральна сёння гадонім змяніў сваё найменне і называецца вуліцай Камсамольскай, якая пасля трансфармуецца ў Ленінскую. Гэта вуліца з’яўляецца цэнтральнай ў старой частцы Крычава і менавіта фота пачатку ХХ стагоддзя паказвае якім чынам яна была забудавана і заселена. Акрамя драўляных і цагляных дамоў на вуліцы Шашэйнай хутчэй за ўсе знаходзіліся крамы, якія часта належылі жыдоўскаму насельніцтву Крычава. Між іншым, згодна перапісу 1897 года колькасць жыдоўскага насельніцтва Крычава складала 2566 чалавек ці 38,6% усяго насельніцтва мястэчка. Важна адзначыць, што вуліцы горада мала змяніліся з пачатку ХХ стагоддзя. Наогул, як адзначаюць даследчыкі, планіровачная структура вуліц Крычава вельмі блізка да планаў гарадоў ХVIII стагоддзя. Напрыклад, трасы вуліц старой часткі горада (Камсамольская, Сожавая, Сірацініна і інш.) амаль цалкам супадаюць з накірункамі вуліц канца ХVIII стагоддзя. Такім чынам, архітэктурна-планіровачны каркас горада, сфарміраваны яшчэ ў ХVI-ХVII стст. захаваў сваю жыццяздольнасць на працягу стагоддзяў, што надае каштоўнасць горадабудаўнічай спадчыне Крычава. Зразумела, што цэнтральная вуліца Крычава пачатку ХХ стагоддзя была брукаванай, на сённяшні дзень брук схаваўся за тоўстым слоем асфальта.
Варта адзначыць, што на старых фотаздымках бачны драўляныя хаты як з двухскатным дахам, так і большыя ў памерах дамы з чатырохскат¬ным дахам. Натуральна, што тых дамоў, якія бачны на фота пачатку ХХ стагоддзя, ужо няма. Аднак традыцыі будавання падобных жылых аб’ектаў захоўваліся яшчэ доўга. Цяпер у горадзе нямала дамоў з двухскатным дахам, з характэрнай для драўлянай архітэктуры Крычава верандай з невялічкім дахам. Ёсць на розных ву¬ліцах і дамы з чатырохскатным дахам, якія нагадваюць прасторныя квадратныя па¬будовы.
Цікавым і нетрывіяльным здымкам з’яўляецца пана¬рамная выява пачатку ХХ стагоддзя, якая адлюстроўвае местачковае жыццё Крыча¬ва. Перад гледачом на фота паўстае зімовы краявід: замеценая снегам дарога, жы¬хары, апранутыя ў цёплае зімовае адзенне. На заднім фоне можна ўбачыць непасрэдна будынак палаца Пацёмкіна-Галынскіх у акружэнні дрэваў, што, магчыма, сведчыць пра захаванне ўсяго архітэктурна-паркавага комплексу яшчэ пры валоданні памесцем Уладзіславам Галын¬скім.
Гісторыя палаца Пацёмкіна-Галынскіх адлічваецца з канца ХVIII стагоддзя. У перыяд паміж 1778 – 1787 гг. па загаду Рыгора Пацёмкіна ў Крычаве быў пабудаваны палац, які стаў помнікам архітэктуры класіцызму. Яго архітэктар вядомы рускі зодчы Іван Староў – аўтар праекта Таўрычаскага палаца ў Пецярбургу. Першапачаткова архітэктурнае аблічча палаца насіла рысы класіцызму. Гэта выявілася ў агульнай сіметрычнай пабудове плана, элементах дэкарыроўкі галоўнага і бакавых фасадаў, у анфіладнай планіроўцы, у наяўнасці на галоўнай восі пабудовы авальнай залы, якая выступае ва ўнутраны двор паўкругам. У студзені 1787 г. у час паездкі па нядаўна заваёваных губернях палац наведала Кацярына ІІ. У выніку падарожжа імператрыцы з Санкт-Пецярбурга ў Крым, была надрукавана яе кніга "Путешествия Ея императорского Величества въ полуденный край России, предприемлемое въ 1787 году", дзе ўзгадваецца і старадаўні Крычаў.
У канцы XVIII стагоддзя Пацёмкін прадаў свае крычаўскія ўладанні мясцоваму шляхцічу Яну Галынскаму. Падчас гарадскога пажару ў 1840-х палац моцна пацярпеў і быў адноўлены з невялікімі зменамі. Аднак пазней Стэфан Галынскі, які ўладарыў у той час палацам, вырашыў абнавіць сваю рэзідэнцыю згодна тагачаснай архітэктурнай модай. Цэнтральны уваход, які раней упрыгожваў 4-калонны порцік з балконам, стаў упрыгожаны псеўдагатычным рызалітам з гранёнымі пілонамі, а таксама кутнімі пілонамі, якія завяршаліся зубцамі і нагадвалі вежы. Пазней была пабудавана брама, стылізаваная пад каменныя егіпецкія піраміды.
Ужо пры сыне Стэфана Галынскага Уладзіславе некалі шыкоўны палац з прысядзібным садам і пейзажным паркам быў прыведзены ў заняпад у пачатку ХХ стагоддзя. Калі ў 1917 годзе да ўлады прыйшлі бальшавікі палац стаўся дзяржаўнай маёмасцю, у якім была адкрыта школа. У ёй вучыліся многія вядомыя крычаўляне — двойчы Герой Савецкага Саюза генерал арміі Іосіф Гусакоўскі, перакладчык і літаратуразнацец, лаўрэат Сталінскай прэміі трэцяй ступені Яўген Мазалькоў, міністр замежных спраў Беларускай ССР Кузьма Кісялёў. У час нямецкай акупацыі Крычава ў палацы былі размешчаны казармы для жаўнераў Трэццяга Рэйха. Пазней, у 1950-я гады, будынак быў перапланаваны і тут размясцілася школа-інтэрнат. Паступова палац прыйшоў у нягодны стан, быў закінуты і занядбаны. У выніку ў савецкія часы архітэктурны помнік аказаўся ў сумным стане: стаялі голыя сцены, асыпалася тынкоўка і працякала страха, дэкор будынка быў парушаны.
На сённяшні дзень палац Пацёмкіна-Галынскіх — архітэктурны помнік, які з’яўляецца мураваным П-падобным у плане двухпавярховым будынкам, накрыты пакатым 2-схільным дахам. Палац пабудаваны ў выглядзе манаграмы з літар "П" і "Е" – ініцыялы князя і царыцы Кацярыны ІІ. Кампазіцыйны цэнтр абодвух паверхаў – вялікія круглыя залы, якія выступаюць з асноўнага аб’ёму будынка ў бок двара. Архітэктурнае рашэнне галоўнага фасада мае рысы псеўдаготыкі: цэнтр вылучаны рэзалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, кутнія пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, вокны стрэльчатай формы, што надае палацу строгасць і манументальнасць. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі, вокны па першым паверсе прамавугольныя, на другім – паўцыркульныя. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны аздоблены сандрыкамі: лучковымі на першым паверсе і трохвугольнымі на другім паверсе. З асноўнага аб’ёму будынка ў бок двара выступае акруглы эркер. Такім чынам, палац ўяўляе з сябе эклектычны помнік, змены з аздабленні і планіроўцы якога адбываліся не толькі ў ХІХ стагоддзі, але і ў ХХ стагоддзі.
Досыць цікавымі матэрыяламі з’яўляюцца па гісторыі палаца Пацёмкіна-Галынскіх фотаздымкі 1939 года аўтарства мастацтвазнаўцы Аляксея Вінэра, якія знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве. Яны паказваюць выгляд палаца ў першай палове ХХ стагоддзя, яго захаванасць і знешні воблік. Вядома, што першапачатковая анфіладная плані¬роўка была зменена ў 1950-я гады, калі ў сценах палаца размясцілася школа-інтэр¬нат. Фотаздымкі так¬сама сведчаць аб тым, што некаторыя эле¬менты палаца не захаваліся да нашых дзён, як напрыклад, ганак архітэктурнай пабудовы.
Унікальнаму палацу налічваецца больш за 200 год гісторыі, а яго адноўленне цягнулася больш за 20 год. Такая вось сімволіка лічбаў. У 1980-я гг. пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца: Белспецпраектрэстаўрацыя правяла комплексныя навукова-архіўныя вышуканні па аб'екце. Аднак да заканчэння рэстаўрацыі справа так і не дайшла: з-за недахопу фінансавання практычна на 20 год помнік быў закансерваваны. Справа ссунулася з мёртвай кропкі ў 2003 г., калі палац быў уключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а затым - у Інвестыцыйную праграму. У 2005 годзе Мінскрэстаўрацыя правяла карэкціроўку праектна-каштарыснай дакументацыі, генпадрадчыкам выступіла магілёўская арганізацыя ЗАТ “Будпраектінвест”. І праз тры гады рэстаўрацыя скончылася, а палац стаўся галоўнай ставутасцю Крычава. Таксама ў 2008 годзе, у палац перамясціліся Крычаўскі раённы краязнаўчы музей і ЗАГС. На сённяшні дзень палац Пацёмкіна-Галын¬скіх - архітэктурная перліна Крычава, якая дасталася жыхарам горада ад расійскага князя Рыгора Пацёмкіна, так і ад мясцовага шляхецкага роду Галынскіх. І менавіта такая асаблі¬васць архітэктурнага помніка праяўляец¬ца ў эклектычным стылі палаца, а менавіта спалучэнні класіцызма і неаготыкі.
Акрамя царкоўна-прыходскіх школаў, дзе маглі навучацца дзеці, у мястэчку былі яшчэ і народныя вучылішчы, якія з’яўляліся крыху больш свецкімі ўстановамі ў параўнанні з першымі. У 1888 годзе пры Крычаўскім народным вучылішчы былі адкрыты рамесныя класы для дзяцей сялян. Аднак у 1898 годзе падчас пажару класы разам з абсталяваннем згарэлі. Пасля гэтага было прынята рашэнне аб пабудове сапраўднага рамеснага вучылішча і ў 1905 годзе 2-павярховы будынак сустрэў першых вучняў. А ў 1908 годзе там адкрылася слясарна-кавальскае і сталярна-такарнае аддзяленні. Акрамя рабочых спецыяльнасцяў, у вучылішчы вывучалі рускую мову, арыфметыку, фізіку і механіку, маляванне, Закон Божы, рахункаводства, тэхнало-гію і чарчэнне. Пры вучылішчы функцыянаваў магазін гатовай прадукцыі, у якім прадаваліся рэчы, вырабленыя самімі вучнямі. Вядома, што першым дырэктарам быў Георгій Фаміч Нікалаеў. У 1925 годзе вучылішча стала называцца Крычаўскай прафесіянальна-тэхнічнай школай. З 1933 – школа трактарных брыгадзіраў, а праз 2 гады яна перайменавана ў Крычаўскую рэспубліканскую школу механізацыі сельскай гаспадаркі.
Падчас вайны будынак разбураны. Захаваліся толькі рэшткі з чырвонай цэглы. Пазней на месцы вучылішча пабудавана памяшканне для раённай пракуратуры. Сучасны стан: рэшткі рамеснага вучылішча ў дужа дрэнным стане. Выкарыстоўваюцца ў якасці гаспадарчых памяшканняў.
Высновы. Разглядзеўшы шэраг аб’ектаў і гістарычных мясцінаў можна зрабіць выснову, што толькі частка гісторыка-культурнай спадчыны захавалася ў Крычаве. Да сённяшняга часу далёка не ўсе архітэктурныя помнікі і аб’екты гісторыі дажылі, аднак памяць пра іх не знікла і захоўваецца ў розных пакаленняў крычаўлян. Старыя фотаздымкі з’яўляюцца добрым дадаткам у справе захавання гістарычнай памяці, актуалізацыі гісторыі роднага горада і глыбокага вывучэння мунілага малой прадзімы. Прычым толькі комплексны разгляд старадаўніх мясцінаў дае сапраўдную карціну гісторыі горада ў цэлым.